GSpay - iatp merchant account provider. Выгодная и надежная аренда серверов на ваших условиях.

 

упершыню арганiзацыя што перарасла ў Тэўтонскi ордэн з'явiлася ў 1129- гэта быў дабрачынны щпiталь ў Ерусалiме пасля заваёвы яго крыжакамi. Але афiцыйнае ўтварэнне як ордэна адбылося ў 1190, ў 1192 папа Цэлестын III i германскi iмператар зацьвердзiлi ордэн. Першы магiстар Генрых Вальпот выпрацаваў рэгламент, распрацаваў структуру.

Стварэнне Тэўтонскага ордэна, як i падобных яму ордэна Iанiтаў(Мальтыйскага) i ордэна Тамплiераў ў 1128г на зямлi Палестыны, было выклiкана iмкненнем крыжакоў мець баяздольную добра арганiзаваную ваенную сiлу для барацьбы з ворагам - мусульманамi i разбойнiкамi, значна больш шматлiкiм. Час паказаў жыццястойкасць гэтага аб'яднання i яго здольнасць да дзейнасцi ў розных умовах.

Кандыдат да службы ў ордэну павiнен быў сумленна несцi cлужбу, прызначаную магiстрам, бываць на капiтулах i дапамагаць радай, з ордэна не выходзiць, акрамя як з дазволу магiстра. Калi кандыдат прымаў умовы, дазвалялi прысягаць: клаў два пальцы на Бiблiю i казаў: "Абяцаю i клянуся, што ўстрыманне цела будзе адным з маiх звычаяў, буду паслухмяным Богу, св. Марыi, а потым магiстру ордэна Нямецкага дому i вашым наступнiкам паводле статута i звычаяў ордэна Нямецкага дому аж да смерцi".

Затым новаму брату апiсвалi яго абавязкi ў наступных словах: "Калi мяркуеш у гэтым ордэне мець спакой i прыемнае жыццё, то ты вельмi памылiўся, бо ў гэтым ордэне прынята так: калi хочаш есьцi, то мусiш пасцiцца, калi хочаш пасцiцца, то мусiш есьцi; калi хочаш iсьцi спаць, то мусiш быць нядрэмным, а калi хочаш быць нядрэмным, то мусiш класцiся спаць. Калi загадаюць iсьцi туды цi сюды або стаць, то не можаш адмовiцца. Мусiш бацьку, мацi, брата, сястру i ўсiх сяброў нiжэй орэна паставiць, а ордэну быць паслухмянейшым i вярнейшым, чым iм. За гэта ордэн табе дае толькi хлеб i ваду ды сцiплую вопратку i нiчога болей дамагацца не можаш. Калi з часам набудзем лепшага i большага, тады будзеш ужываць нароўне з усiмi i на гэтым усё".

Потым новага брата ў поўнай зброi вялi ў касцёл i ў час iмшы апяразвалi рыцарскiм поясам. Магiстар, правiнцыйны магiстар або камандор (комтур) наносiў удар i казаў: "Рыцар, лепшы за слугу, у iмя нашай найяснейшай Дзевы; рыцар, лепшы за слугу, будзь паслухмяным свайму ордэну. Сцярпi гэты ўдар, але нiводнага болей". Затым зброю здымалi i святар апранаў рыцара паводле пэўнага абраду.

Тэўтонскi ордэн складаўся з трох катэгорыяў сяброў. На першым месцы былi рыцары, затым ксяндзы i, нарэшце, службовыя браты. Адзенне рыцараў - чорная тунiка i белы плашч з чорным крыжам на левым плячы. Ксяндзы - не абавязкова шляхетнага паходжання - адпраўлялi набажэнствы, удзялялi таямнiцы веры рыцарам i хворым у шпiталях, пад час вайны станавiлiся капеланамi. Насiлi такi ж убор, як i рыцары, толькi тунiка i плашч былi даўжэйшымi. Службовыя браты паходзiлi не са шляхты. Да iх належалi збраяносцы рыцараў, наёмныя жаўнеры, якiя часова прымалi шлюбы. Насiлi шэрыя плашчы з "паўкрыжам" - крыж без верхняй часткi ( у выглядзе лiтары Т). Выконвалi ў войску функцыi пад'афiцэраў, загадвалi кузнямi, стайнямi, фальваркамi, шпiталямi.

Iснаваў яшчэ iнстытут паўбратоў, якiя жылi ў свеце, але былi звязаны з ордэнам. Да паўбратоў залiчвалi дабрадзеяў ордэна.

Ордэнскiя браты жылi разам, спалi на цвёрдым ложы, елi ў сталоўцы, на першых часах небагата. Калi вялiкi магiстар (хохмайстар) сядаў за агульны стол, то яму давалi трохi большую, чым астатнiм, порцыю.

Рыцары абавязвалiся быць на iмшы або чытаць пэўную колькасць малiтваў. Не маглi без дазволу выходзiць з дому, пiсаць i атрымлiваць лiсты, мець што-небудзь пад замком, каб не было i думкi аб уласнасцi (уласнасць з'явiлася, калi ордэн разбагацеў). Адзенне найпростае, як i зброя з конскiм рыштункам. Належала мець добрага баявога каня i гартаваную зброю. Сябру ордэна нельга было размаўляць з жанчынай, асаблiва маладой, не мог нават мацi пацалаваць. Дазвалялася трымаць жанчыну для працы ў доме.

Ваенная арганiзацыя Тэўтонскага ордэна ў Палестыне абапiралася на братоў, завербаваных салдатаў i дапаможныя мусульманскiя аддзелы бедуiнаў i "туркапулаў". Адсюль у статутах згадваецца пасада туркапулёра, а слугi нават пры размяшчэннi ў Прусii ўсё яшчэ звалiся каравановымi.

Спосаб маршу i прывалу, знаходжанне на пастоях i ў бiтве - усё дакладна рэгулявалася. На вайну бралi па тры-чатыры канi - столькi мела асноўная баявая адзiнка - кап'ё. Напярэдаднi Грунвальдскай бiтвы яно складалася з цяжкаўзброенага рыцара (дзiда, меч, шчыт), лёгкаўзброенага слугi цi збраяносца, стралка з лукам цi часцей з арбалетам. Чацвёрты конь служыў рыцару для пераходаў.

На маршы нельга было паiць каня без загаду, якi аддаваў харунжы прапорцам. Рыцар ехаў на паходным канi, побач з iм збраяносец. Калi не было небяспекi, баявы конь нёс частку зброi.

У бiтве рыцары перасядалi на баявых коней, а паходных пакiдалi слугам, якiя заставалiся ў тыле пад камандай аднаго са службовых братоў. Рыцары ў баi стаялi не паасобку, як заходнееўрапейскiя, а самкнутымi аддзеламi; загады падавалiся не трубой (у тлуме бiтвы можна не пачуць), а харугвай.

На прывале нельга было злазiць з каня без загаду. Спачатку ставiлi палаткi для палявой каплiцы i камандзiра, толькi потым можна было злазiць з каня i размяшчацца на адпачынак. На прывале нельга было хадзiць у адведкi i аддаляцца больш чым на некалькi дзесяткаў крокаў. Пад час пераходаў i прывалаў загады аддавалiся трубой. На вайне не было агульнай кухнi. Кожнаму рыцару страву гатаваў яго канавод цi слуга. За войскам iшла палявая кузня, абоз з харчаваннем i фуражом.

Здабытае харчаванне, за выключэннем травы i гароднiны, аддавалi гаспадарнiку. Крыжакi не распраналiся да сну, не здымалi абутку, елi два разы ў дзень, а ў посныя днi - адзiн, вытрымлiвалi пост.

На вайне i ў мiрны час iснавала жорсткая дысцыплiна. Спагнаннi можна было замянiць на пакаранне бiзуном, якое рыцар атрымлiваў у палатцы магiстра. У час адбывання спагнання забiралi каня i зброю, якую маглi часова аддаць iншаму. Гэта была вельмi цяжкая кара. У мiрны час каралi бiзунамi, зняццем плашча i працай разам з нявольнiкамi. Самай вышэйшай карай было выгнанне з ордэна без вызвалення ад шлюбаў, што ставiла вiнаватага паза грамадствам. Такое пакаранне давалася за ўцёкi з поля бiтвы, адступленне ад веры, скаталожнiцтва, продаж пасадаў i годнасцяў i да т. п.

Лягчэйшай карай з'яўлялася пазбаўленне плашча на год за знiшчэнне дакументаў ордэна.

У мiрны час, каб не губляць навыкаў, крыжакi павiнны былi страляць з лукаў па птушках i паляваць на львоў (у Палестыне) i iншых буйных звяроў.

Войска Тэўтонскага ордэна адрознiвалася ад феадальных армiяў, яно мела ўзорна дысцыплiнаваныя аддзелы, якiя складалiся з майстроў ваеннай справы. Крыжакi ўмелi будаваць i здабываць замкi. Заўжды мелi добрую сiстэму разведкi.

На чале Тэўтонскага ордэна стаяў вялiкi магiстар (па-нямецку хохмайстар). Ён выбiраўся пажыццёва генеральнай капiтулай, якая складалася з краёвых магiстраў (ландмайстраў), чыноў ордэна i сяброў сталiчнага канвента (Канвент - орган мясцовага кiраўнiцтва, складаўся з рыцараў, святароў, службовых братоў).

3 самага пачатку, стаўшы ў шэраг воiнаў крыжа, рыцары Тэўтонскага ордэна неслi цяжкiя страты. Пад час адной з бiтваў з туркамi-сельджукамi ў сакавiку 1210 г. загiнула большая частка рыцараў, а вялiкi магiстар атрымаў смяротную рану.

Абраны на яго месца Герман фон Зальца сказаў, што быў бы рады страцiць вока, каб толькi мець да канца жыцця хоць дзесятак баяздольных рыцараў. Здарылася так, што менавiта пры гэтым хохмайстру i ў значнай ступенi дзякуючы яму справы ордэна пайшлi намнога лепш.

Герман фон Зальца нe меў высокага арыстакратычнага паходжання, але быў чалавекам надзвычайных здольнасцяў. Пасада вялiкага магiстра давала яму магчымасць праявiць iх у поўнай меры. Умелы дыпламат, ён здолеў захаваць прыхiльнасць двух самых значных сiлаў Заходняй Еўропы - рымскага папы i рымскiх iмператараў, нават калi тыя варагавалi памiж сабой. Мала таго, фон Зальца выступаў пасрэднiкам пры iх прымiрэннi. Менавіта пры фон Зальца папа рымскi i iмператары надалi ордэну галоўныя прывiлеi ды маёмасцi ў Апулii, Арменii, Венгрыi i амаль ва ўсiх нямецкiх землях.

Iмператар прысвоiў Герману фон Зальца i ўсiм яго наступнiкам тытул князя Свяшчэннай Рымскай iмперыi з дазволам змяшчаць выяву iмперскага арла на гербах i харугвах. Яшчэ раней, у 1221 г., спецыяльным прывiлеем ордэн браўся пад апеку iмператара разам з усiмi рухомымi i нерухомымi маёмасцямi, як набытымi, так i будучымi, вызваляўся ад усякiх падаткаў i павiннасцяў.

Папа рымскi таксама абвясцiў хохмайстра князем i падараваў яму каштоўны пярсцёнак, а той пераказаў сваiм наступнiкам. Адсюль пайшоў звычай перадаваць кожнаму новаму хохмайстру разам з крыжам i гэты пярсцёнак.

Ерусалiмскi кароль як узнагароду за адвагу i цноту дазволiў хохмайстру i тым, хто прыйдзе на яго месца, насiць ерусалiмскi крыж над чорным ордэнскiм крыжам.

Тэўтоны былi ўдзельнiкамi усiх выпраў крыжакоў i паказалi сябе з найлепшага боку. Аднак ужо стала ясным, што перамога ў рэшце рэшт застанецца за мусульманамi. Герман фон Зальца пачаў рабiць захады для забеспячэння свайму ордэну iншага поля дзейнасцi.