GSpay - iatp merchant account provider. Выгодная и надежная аренда серверов на ваших условиях.

Выправа на Мальбарк

Каб давесцi справу да канца пасля бiтвы, саюзнiкам патрэбна было заняць сталiцу ордэнскай дзяржавы. Таму замест абвешчанага трохдзённага прывалу армiя адпачывала толькi адзiн дзень i ўжо 17 лiпеня вырушыла на Мальбарк. Адлегласць да сталiцы па дарозе, абранай саюзнiкамi, складала 120 км. Праходзячы штодзённа каля 15 км, войскi без супрацiўлення займалi навакольныя гарады i замкi. Вельмi хутка большая частка ордэнскай краiны, у тым лiку i прускiя бiскупствы, прызналi ўладу пераможцаў. Мала таго, гараджане i шляхта самыя нападалi на ордэнскiя замкi, выганялi залогi i перадавалi ўмацаваннi саюзнiкам. Ордэнскi хранiст пiсаў, што такой здрады нiколi не было чуваць нi ў адной дзяржаве. Браты-рыцары Тэўтонскага ордэна ратавалiся ўцёкамi хто куды мог. Галоўнай прычынай такога хуткага i бяскроўнага падпарадкавання краiны быў, канешне, небывалы разгром армii ордэна пад Грунвальдам. Акрамя таго, дала аб сабе знаць каставасць ордэна, яго адасобленасць ад сваiх падданых, у тым лiку i шляхты.

Праз восем дзён маршу, 25 лiпеня, войскi стаялi пад Мальбаркам. Аднак яны спазнiлiся, Сталiца крыжакоў ужо была гатовая да абароны. Яшчэ 18 лiпеня да яе прыбыў швецкi комтур Генрых фон Плаўэн з падначаленым яму войскам. Па загаду хохмайстра фон Плаўэн камандаваў групай харугваў, якая прыкрывала шлях на Памор'е. Цяпер жа, атрымаўшы вестку аб грунвальдскiм разгроме, фон Плаўэн з'арыентаваўся ў сiтуацыi i, не губляючы часу, паiмчаўся радаваць сталiцу. За тры днi ён пераадолеў адлегласць каля 80-100 км i да прыходу саюзнага войска паспеў падрыхтаваць Мальбарк да абароны. У момант з'яўлення лiтоўскапольскай армii залога Мальбарка складала каля 2- 2,5 тыс. чалавек, не лiчыўшы абслугi, была забяспечана ваенным рыштункам i харчаваннем на пару тыдняў. Мальбарскi замак ў тыя часы быў магутнейшым абарончым збудаваннем i ўзяць яго з налёту магчыма было толькi да прыходу фон Плаўэна пры адсутнасцi арганiзаванай абароны.

25 лiпеня ордэнская сталiца была абложана з усiх бакоў. Генрых фон Плаўэн, даведаўшыся, што адзiны ўцалелы саноўнiк - вялiкi шпiтальнiк Вернер фон Тэццiнген - не думае аб уладзе, вырашыў узяць яе сам. Ён сабраў каго мог з рыцараў i тыя абралi Плаўэна намеснiкам да заканчэння вайны i абрання новага хохмайстра. Галоўнай сваёй задачай новаспечаны намеснiк лiчыў утрыманне сталiцы. Гэта быў адзiны шанс на ўратаванне дзяржавы. Мелiся яшчэ войскi ў Лiвонii, чакалася дапамога ад фiлiяў у Еўропе.

Здабыць Мальбарскi замак у 15 ст. пры наяўнасцi там добрай залогi можна было толькi з дапамогай галоднай блакады або здрады, Па загаду Плаўэна спалiлi горад i мост праз раку Нагату. Гарматны абстрэл з боку саюзнiкаў нiчога не даў. Адбылiся перагаворы Вiтаўта i Ягайлы з фон Плаўэнам. Намеснiк прапанаваў мiр на ўмовах: ордэну пакiнуць толькi Прусiю як зямлю, здабытую ў варвараў хрысцiянскай кроўю. У адказ яму прапанавалi здаць замак за абяцанне "паклапацiцца аб ордэне". Плаўэн адмовiўся. ( на польскай мове: Замак у Мальбарку)  

Аблога замка была няшчыльнай, крыжакi атрымалi вестку аб намеры германскага iмператара аказаць дапамогу ордэну i паднялiся духам. Залога пачала рабiць вылазкi, часам паспяховыя.

У саюзнiкаў было тры варыянты рашэння: заключыць мiр, здабыць замак або адысцi. Плаўэн ужо не хацеў слухаць аб мiры. Здабыць замак надзеi не было, штурм нават не рыхтавалi. Заставаўся трэцi варыянт.  

Да Кёнiгзберга ў другой палове жнiўня прыбыла частка лiвонскай армii пад камандай ландмаршала фон Хевельмана (ён замяняў хворага ландмайстра фон Фецiнгофа). У пачатку верасня канчаўся трохмесячны тэрмiн памiж аб'явай i пачаткам вайны лiвонцаў з Вялiкiм княствам. Аднак iх сiлы былi недастатковыя для змагання з саюзнiкамi.

У гэты час прадстаўнiкi лiвонскага ландмайстра заключылi перамiр'е з "панамi лiтоўскiмi i рускiмi" на 10 тыдняў. Вiтаўт паслаў маршалу лiст з запытаннем, на якой падставе той, нягледзячы на перамiр'е, канцэнтруе войскi пад Кёнiгзбергам. Ландмаршал лiстом ад 4 верасня адказаў, што не ведае аб перамiр'i, паколькi яно, вiдавочна, заключана ўжо пасля яго выхаду з Лiвонii. Лiст Хевельмана быў напiсаны ў непрывычнай для братоў рыцараў пакорлiвай манеры. Ён называў Вiтаўта "горача любiмым i ласкавым панам".

Вялiкi князь з 12 харугвамi выехаў насустрач лiвонцам пад Кёнiгзберг. 8 верасня ён меў размову з Хевельманам. Ландмаршал абавязаўся быць пасрэднiкам у перагаворах памiж фон Плаўэнам i саюзнiкамi. Ён прасiў аб двухтыднёвым перамiр'i з 9 па 22 верасня, каб у гэты час асабiста сустрэцца з фон Плаўэнам i давесцi справу да мiру. Дзеяннi лiвонскага рыцара цалкам зразумелыя. Яму патрэбна было любым коштам выйграць час. Чакалася дапамога з захаду. Польскае апалчэнне з кожным днём усё больш рвалася дамоў. Акрамя таго, з'яўлялася магчымасць абмеркаваць сiтуацыю непасрэдна з фон Плаўэнам i сумесна выпрацаваць план далейшых дзеянняў - калi толькi дапусцяць у Мальбарк. I яго дапусцiлi туды.

У вынiку давяральных размоў ландмаршала з намеснiкам, якiя адбывалiся некалькi дзён (змест застаўся невядомым), Вiтаўт з Ягайлам не атрымалi прапановы не толькi аб мiры, але нават аб перамiр'i. Пасля 22 верасня вайна павiнна была цягнуцца далей. Час працаваў не на саюзнiкаў. Не былi цалкам аплачаны паслугi замежных вояў. Жыгiмонт Венгерскi пагражаў Польшчы з захаду, шляхецкае апалчэнне, не звыклае да такiх доўгiх паходаў, iмкнулася дамоў. Наблiжалася зiма. Было прынята рашэнне адысцi ад Мальбарка i вярнуцца дадому. Да 18 верасня вырушыла войска Вiтаўта, за iм пайшлi мазавецкiя князi. 19 верасня зняло аблогу польскае войска. Адыход адбываўся спакойна i нетаропка, войскi везлi багатую здабычу. Залога з замка нiякiх перашкод адыходу не чынiла.

Тое, што сталiца засталася ў руках ордэна, мела вялiкi ўплыў на далейшыя падзеi. Захаванне Мальбарка азначала, што ордэнская дзяржава не загiнула. Як толькi саюзныя войскi пакiнулi тэрыторыю Прусii, сiтуацыя ў ёй пачала рэзка мяняцца. 3 такой жа хуткасцю, як краiна паддавалася грунвальдскiм пераможцам, яна зараз пераходзiла на бок сваiх старых гаспадароў. Часткова, вiдаць, баючыся помсты, часткова з пераканання пруская шляхта пачала зноў захоплiваць замкi, толькi ўжо для ордэна. Першым было занята Дзялдава. Польская залога, заспетая неспадзеўкi, трапiла ў няволю. Лiвонскi маршал абклаў i здабыў Эльбланг. Затым замкi пайшлi да ордэна адзiн за другiм. У руках саюзнiкаў засталiся толькi замкi ў Торуне, Радзыне, Броднiцы i Няшаве; не пускалi крыжацкiя ўлады два багатыя гарады - Стары Торунь i Гданьск. Фон Плаўэн адклаў расправу з iмi i заключыў перамiр'е да падпiсання мiру з саюзнiкамi.

Здавалася, што кола фартуны павярнулася i ваеннае шчасце поўнасцю перайшло на бок крыжакоў, па меншай меры на польскiм тэатры вайны. Крыжакi вярнулi амаль усю сваю ранейшую тэрыторыю. Генрых фон Плаўэн i лiвонцы ачысцiлi ад ворага амаль усю Прусiю i паўночную частку Памор'я. У Новай Марцы за кошт падмацаванняў з Заходняй Еўропы ўзмацнялася групоўка Мiхала Кухмайстра. У колькасцi каля 4 тыс. чалавек яна выступiла на злучэнне з фон Плаўэнам. Аднак у бiтве пад Карановам меншыя па колькасцi войскi Ягайлы разбiлi Кухмайстра, а яго самога захапiлi ў палон. Агрэсiўныя памкненнi крыжакоў трохi паўстрымалiся. Замежныя "госцi" ўсё неахвотней удзельнiчалi ў гэтай вайне, дзе ворага немагчыма было перамагчы ў адкрытым полi. Вайна працягвалася шэрагам дробных наездаў i сутычак, як на Лiтве, так i ў Польшчы. За памеры такiх баёў выйшлi два наезды на Польшчу войскаў Жыгiмонта Венгерскага, якi адпрацоўваў ордэнскiя грошы. Першы ў канцы 1410 цi пачатку 1411 г. скончыўся паражэннем 12 венгерскiх харугваў. Другi ў канцы студзеня таксама не прынёс значных вынiкаў, хоць i прыдаў бадзёрасцi фон Плаўэну. Можна сказаць, што Жыгiмонт не адрабiў за атрыманыя ордэнскiя грошы.

9 лiстапада 1410 г. Генрыха фон Плаўэна абралi на пасаду хохмайстра. Ужо ў гэтай новай якасцi ён павёў перагаворы аб перамiр'i. Доўгiя i цяжкiя, яны ўсё ж такi пасоўвалiся, бо вайна зацягнулася i стала непасiльным цяжарам для абодвух бакоў. Перамiр'е было заключана на 4 тыднi з 14 снежня 1410 г. да 11 студзеня 1411 г. У адрозненне ад перамiр'я 1409 г. яно тычылася адразу ўсiх: ордэна, Вiтаўта, Ягайлы, слупскага i двух мазавецкiх князёў.

Пасля сканчэння перамiр'я ваенныя дзеяннi працягвалiся, аднак не спынялася i праца па арганiзацыi мiрнай дамовы. 22 i 26 студзеня зноў заключалi перамiр'е i вялi перагаворы на вiслянскiм востраве пад Торунем. Крыжакоў прадстаўляў лiвонскi магiстар фон Фецiнгоф, саюзнiкаў - вялiкi князь Вiтаўт.

Асноўнай спрэчнай праблемай аказалася Жмудзь. Ордэн не хацеў ад яе адмаўляцца, Вiтаўт i пагатоў. Урэшце знайшлi кампрамiс па гэтаму i некаторых iншых пытаннях. 1 лютага 1411 г. быў падрыхтаваны тэкст дагавора, яго адразу заверыў пячаткамi лiтоўска-польскi бок. Ордэн i прадстаўнiкi прускай шляхты свае пячаткi павiнны былi паставiць пазней, на сустрэчы пад Златарыяй.

На чацвёртую нядзелю пасля Вялiкадня адбылося ўрачыстае спатканне Вiтаўта, Ягайлы i хохмайстра ў атачэннi сваiх прыдворных на полi каля горада Златарыя. Там скончылi апошнiя фармальнасцi. Паводле Торуньскай мiрнай дамовы, усе замкi i гарады, здабытыя пад час вайны, вяртаюцца ўладальнiкам; Жмудская зямля перадаецца Вiтаўту, а пасля яго смерцi адыходзiць да ордэна. Добжынская зямля застаецца за Польшчай, а Памор'е, Хэлмiнская, Мiхалаўская землi, частка Куяваў - за ордэнам.

На сустрэчы пад Златарыяй хохмайстар даў згоду Вiтаўту, каб той паляваў на дзiкага звера ва ўсiх пушчах ордэна ўзамен за такое ж права для сябе ў лiтоўскiх пушчах.

Вялiкая вайна 1409 -1411 гг. была скончана. Задавалася, пасля буйной перамогi ды амаль поўнай акупацыi ордэнскай дзяржавы саюзнiкам нельга было згаджацца на такiя спрыяльныя для ордэна ўмовы мiру. Аднак яны пайшлi на гэта i, вiдаць, ведалi, што рабiлi. Сярод прычын i рэальная ацэнка мiжнароднай сiтуацыi, i разуменне вынiкаў Грунвальдскай бiтвы (ордэн ужо не сур'ёзны вораг). Вiдавочна, мела месца i нежаданне Вiтаўта цалкам злiквiдаваць ордэнскую дзяржаву, бо ад яе падзелу больш выйгравала Польшча, чым Вялiкае княства Лiтоўскае. Длугаш пiсаў: "...стараннямi Аляксандра, вялiкага князя Лiтоўскага (князь больш за ўсё iмкнуўся толькi да ўз'яднання свайго Лiтоўскага княства i вяртання сабе Самагiтскай зямлi, якой яго пазбавiлi крыжакi) быў заключаны, зацверджаны i падпiсаны мiр на ўмовах для Польскага каралеўства несправядлiвых i невыгодных".

Неадпаведнасць маштабаў перамогi пад Грунвальдам умовам падпiсанага мiру дала падставу некаторым даследчыкам ацанiць яго як "прайграны мiр" для саюзнiкаў. Длугаш жа лiчыў, што грунвальдская перамога "...не прынесла нiякай выгоды каралеўству Польскаму, але больш карысцi Вялiкаму княству Лiтоўскаму".

Трэба сказаць, што дыпламатыя ордэна здолела дасягнуць максiмум магчымага пасля такога разгрому. Аднак Грунвальдская перамога мела намнога значнейшыя наступствы, чым здавалася на першы погляд. Яна разбурыла падмурак будынка Тэўтонскага ордэна i паклала пачатак яго заняпаду.

 

Насельніцтва Польшчы і Прусаў (прыблізна) ў канцы 15 ст. (48k)

(Паводле K. Baczkowski: Dzieje Polski poznosredniowecznej (1370-1506). Krakow, 1999)